Замест кашуль з лясістых берагоў...

Замест кашуль з лясістых берагоў
Бетонныя мундзіры шыем рэкам,
I са слупа — цар заліўных лугоў —
Сабраўся бусел пеўнем кукарэкаць.
А што рабіць? Трымайся ля курэй,
Да іхняга прымазвайся карыта,
Калі яшчэ за хвост не аддзярэ
Вунь той пявун, у бойках знакаміты...
Буслова фірма пацярпела крах,
Дзе ён спрадвек адловам жаб валодаў.
Ды, дзякуй, на паўстаўку тэлеграф
Аформіў правяраць грамаадводы...
Вось і пяклуйся на слупе з гняздом
— Глядзіш, так-сяк і пераб’ешся з дзецьмі.
А там і пенсію аформіць «Асушком»,
Як пакарэнне ўсёй прыроды здзейснім.
I нейкі спрытны будзе фатакор
Між правадоў цябе здымаць для прэсы:
Як новы дух у вёсцы, як дакор
Усім, хто ные на шляхах прагрэсу.

Васіль Зуёнак

Друзья

Хотите дружить? Пишите в обратную связь

Последние комментарии

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователя и 1 гость.

Каталоги

 
Rating All.BY

История поиска

-