Стрыножаныя і абяскрыленыя...
Втр, 2012-06-12 16:21 — admin
Стрыножаныя і абяскрыленыя,
Заціснутыя паміж старонак,
З чысцінёю стэрыльнаю —
У кнізе Чырвонай,
У гэтай самай сучаснай казцы,
Жывуць яшчэ і звяры, і птушкі,
Злоўленыя аб’ектывам зіркастым
На кіно- і фотаістужкі.
Самыя рэдкія, экзатычныя, —
Хаваюцца ад прагрэсу.
I кніга чырвонай тычкаю
Тырчыць на дарозе злавеснай.
Гарыць слязой плакатліваю,
Дзе, вярнуўшыся ўвесну дадому,
Над прахімічанай ніваю
Злятае жаўрук дадолу, —
Не з песняю, як бывала,
Да хаткі ў цёплай разоры,
А знічкаю шэра-злінялай,
Што з неба прагналі зоры.
Гарыць тая кніга вогнішчам,
I я, апякаючы лапы,
Нясу — з першабытнага логвішча
Яе дыягенавай лямпай, —
Шукаю цябе, абаронца,
Каб ты ў тэхнічным нахрапе
На самай апошняй старонцы
Ў Чырвоную кнігу не трапіў.
Васіль Зуёнак
Последние комментарии
6 года 49 недели назад
8 года 18 недели назад
8 года 39 недели назад