Спяшайцеся

Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы —
Запісваць птушыныя галасы.
Яшчэ на дасвецці, на самым золку
Зловім на плёнку
Мы перапёлку.
Няхай застанецца на стужачцы хоць
Заклік на памяць:
«Ідзі палоць!»

Нямала за век яна перапалола,
Нямала ножачак перакалола
Горкім асотам, рыжаю піжмаю,
Родная, любая, ты ж мая, ты ж мая...
Колькі нам дзетак накалыхала,
Колькі ў дарогу перагукала...

Давайце паставім вось тут мікрафон.
Аблюбаваў гэта селішча ён,
Той, хто між птушак самы народны,
Людзям і лесу блізкі і родны,
Тут у алешніку, дзе зацішней, —
Чуеце, чуеце? — ён, салавей!

Гэта яшчэ толькі голасу проба
I для яго, спевака, не ўвярода.
А вось і бліскучая кантылена,
Самы канёк яго, тое калена,
Адкуль пачынае сапраўдны артыст, —
Bунь на якой вышыні яго свіст,
Аж з верхавіння сыплецца ліст!

Стойце, перад гісторыяй замрыце.
Пішаце вы для нашчадкаў! Пішыце
Для тых, хто, напэўна, дасягне і сонца,
А салаўя будзе слухаць на плёнцы.

Сюды, калі ласка, кінаапарат.
Бачыце — выстраіліся на пожні
Сосны на свой урачысты парад,
Баюся, што на апошні.

Даўно пералічаныя камлі
Прагны сухмень аблізвае.
Якія бары былі на зямлі —
Пабачыце ў тэлевізары.

Напэўна, будзеце млець у экстазе,
Як самааддана, уладарна
Грукаў калісьці дзяцел у джазе —
Самы выдатны ударнік.

...Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы —
Слухаць птушыныя галасы!

Васіль Вітка

Друзья

Хотите дружить? Пишите в обратную связь

Последние комментарии

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователя и 0 гостя.

Каталоги

 
Rating All.BY

История поиска

-