Калісьці ж была і над Талінкай...

Калісьці ж была і над Талінкай
Вясна. I цвіла, і гула.
I кожная ў лесе прагалінка
Шумела паводкай крыла.
Маленні спраўлялі на чысціках
Глушцы і цецерукі.
Выводзіла пушча плячыстая
На бераг маладнякі...
Дзе тая скакуха-рачулка
З разлівамі лотаці ўсцяж,
Глыбасты на нерасце гулкім
Хрыбет шчупака, нібы краж?
Дзе тыя віры і мачылы
Пад восеньскі лён-самапрад?
Якою сплылі аблачынай
Вяснянкі і скокі дзяўчат?
Куды адляцелі крыніцы,
Натхненне чыё берагуць,
I вокам вясёлым брусніцы
Гарэзна каму падмаргнуць?..
Усіх прывяло асушэнне
Да ладу, змагло і ўняло...
Набіць абяцала кішэню
Дабром, ды і тое сплыло...
Дзе песціўся ветрык-гарэза —
Вятроў віхрагонны алюр.
Пясчаныя лысіны лезуць
З-пад тарфяных шавялюр.
Падаўся глушэц у расстрыгі,
А цецярук свой талмуд
I іншыя мудрыя кнігі
Здаў у «Палессеводбуд».

Васіль Зуёнак

Друзья

Хотите дружить? Пишите в обратную связь

Последние комментарии

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователя и 1 гость.

Каталоги

 
Rating All.BY

История поиска

-